Spotify | |
![]() | |
![]() | |
Заснаваная | 2006 |
---|---|
Spotify — швэдзкі[1] правайдэр патокавага аўдыё й мультымэдыйных паслуг, заснаваны 23 красавіка 2006 году Даніэлем Экам і Мартынам Лёрэнцанам[2]. Паводле стану на сьнежань 2024 году, гэта адзін з найбуйнейшых музычных стрымінгавых сэрвісаў, з больш чым 675 мільёнамі штомесячных актыўных карыстальнікаў, якія ўключаюць 263 мільёны платных падпісантаў[3][4]. Spotify каціруецца (праз холдынгавую кампанію Spotify Technology S. A., зарэгістраваную ў Люксэмбургу[3]) на Нью-Ёрскай фондавай біржы ў форме амэрыканскіх дэпазытарных расьпісак.
Spotify прапануе лічбавы аўдыё-кантэнт з абмежаваным аўтарскім правам, у тым ліку больш за 100 мільёнаў песьняў і 6 мільёнаў падкастаў ад гуказапісвальных лэйблаў і мэдыякампаніяў[4]. Працуе як freemium-сэрвіс, асноўныя функцыі бясплатныя з рэклямай і абмежаваным кантролем, а дадатковыя функцыі, такія як аўтаномнае праслухоўваньне і праслухоўваньне без рэклямы, прапануюцца праз платныя падпіскі. Карыстальнікі могуць шукаць музыку паводле выканаўцаў, альбомаў ці жанраў, а таксама ствараць, рэдагаваць і дзяліцца плэйлістамі. Spotify прапануе некаторыя функцыі сацыяльных сетак: сачыць за сябрамі й ствараць вечарыны праслухоўваньня, званыя «джэмамі» (анг. Jams).
Паводле стану на лістапад 2022 году Spotify даступны ў большасьці краінаў Эўропы, а таксама ў Афрыцы, Амэрыцы, Азіі і Акіяніі, усяго на 184 рынках[5]. Яго карыстальнікі й падпісанты ў асноўным знаходзяцца ў ЗША і Эўропе, сумесна складая 53 % карыстальнікаў і 67 % даходаў[6]. Spotify не прадстаўлены ў кантынэнтальным Кітаі, дзе на рынку дамінуе QQ Music. Сэрвіс даступны на большасьці прылад, уключаючы кампутары пад кіраваньнем Windows, macOS і Linux, смартфоны і пляншэты на базе iOS і Android, прылады для разумнага дома, такія як Amazon Echo і Google Nest, а таксама лічбавыя мэдыяплэеры, напрыклад Roku[7]. Паводле Semrush, на сьнежань 2023 году Spotify займаў 47-е месца ў сьвеце па наведвальнасьці: 24,78 % яго трафіку паступала з ЗША, за імі ішла Бразылія з 6,51 %[8][9].
У адрозьненьне ад фізычных продажаў альбо спампаваньня, пры якіх артыстам выплачваецца фіксаваная цана за кожную прададзеную песьню або альбом, Spotify выплачвае роялці на аснове колькасьці патокавых праслухоўваньняў артыстаў у прапорцыі да агульнай колькасьці праслуханых песьняў. Прыкладна 70 % ад агульнага даходу сэрвіс разьмяркоўвае паміж праваўладальнікамі (часта гуказапісвальнымі лэйбламі), якія затым плацяць артыстам на падставе індывідуальных пагадненьняў[10]. Хоць некаторыя музыкі выказваюць пярэчаньні супраць структуры роялці Spotify і ейнага ўплыву на продажы запісаў, іншыя хваляць сэрвіс за тое, што ён прапануе законны спосаб барацьбы зь пірацтвам і ўзнагароджвае артыстаў за кожнае праслухоўваньне іхнай музыкі[11].